Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Николай Яковлевич Никифоровский - наш земляк

Дата: 21 февраля 2023 в 16:04, Обновлено 3 марта в 14:48

Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі ўвайшоў у гісторыю навукі як выдатны збіральнік народна-патрыятычных скарбаў, удумлівы даследчык вуснай паэзіі, народных звычаяў і абрадаў, складальнік змястоўных зборнікаў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, навуковая каштоўнасць якіх не страцілася да нашага часу. Яго працы “Нарысы Віцебскай Беларусі”, “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны”, “Простанародныя загадкі”, “Нячысцікі”, “Беларускія песні-частушкі”, “Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі” і іншыя прысвечаны матэрыяльнай і духоўнай культуры, вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа.

Нарадзіўся Мікалай Якаўлевіч 5 мая 1845 года у вёсцы Вымна (тады Веліжскага павета Віцебскай губерніі).

Маці і бацька яго ў маладосці вельмі бедавалі. Аднак, як піша М.Я. Нікіфароўскі, да яго нараджэння "ў іх завяліся нават невялікія грошы, рублёў каля 100". Бацька быў панамаром у вясковай царкве, а маці – “тая святая для маёй памяці нябожчыца – матухна Ксенія Давыдаўна”, заўсёды была са сваімі дзецьмі.

Мікалай вельмі любіў кніжкі. Настаўнікамі ж былі розныя выпадковыя людзі: адстаўны салдат паказаў некалькі літар, хросны бацька вывучыў чытаць па складах, больш пісьменны сельскі падлетак з тыдзень займаўся з ім і да т.п.

Тым не менш маці не пакідала намаганняў у пошуках настаўніка і звярнула ўвагу на Тадулінскі манастыр. Так Мікалай Нікіфароўскі трапіў у навучанне да манаха Андрэя Аўсеевіча, які спагадліва аднёсся да свайго вучня, змог правільна арганізаваць заняткі, выявіў надзвычайную памяць хлопчыка і шмат даваў вучыць на памяць, чым нават і злоўжываў.

Пераезд у Веляшковічы ў 1853 г. спыніў заняткі ў манастыры. На новым месцы жыхарства Мікалай вучыўся ў дзячкоўскай школе, а ў 1854/55 г. на задворках панскага маёнтка была “арганізавана” школа для сялянскіх дзяцей.

Сродкаў на далейшае навучанне не было, сям’я зусім збяднела, і адзіным спосабам было ўладкавацца за казенны кошт. Падалі прашэнне аб прыёме Мікалая і брата Міхаіла ў Віцебскае духоўнае вучылішча, але не аказалася вакансій і бацьку прапанавалі адвезці іх у Полацкае духоўнае вучылішча.

Правучыўшыся там да летніх канікулаў 1855 г., браты вярнуліся дадому. Затым Мікалай з братам паступілі ў Віцебскае духоўнае вучылішча, дзе правучыліся 6 гадоў. М.Я. Нікіфароўскі ўспамінаў, што гэтыя гады прайшлі для яго ў пастаяннай напружанай працы.

У ліпені 1861 г. Нікіфароўскі быў пераведзены ў Віцебскую семінарыю як лепшы вучань. Там пачаў зачытвацца кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказванні, трапныя выразы. Кругагляд яго стаў хутка расшырацца.

Пасля паспяховага сканчэння семінарыі ў 1867 г. М.Я. Нікіфароўскаму прапанавалі паступаць у Пецярбургскую духоўную академію за свой кошт. Але грошай не было. Яго прызначылі законанастаўнікам і настаўнікам у в. Лоўжа Полацкага павета. У верасні 1871 г. М.Я. Нікіфароўскі быў назначаны законанастаўнікам і настаўнікам у Першае прыходскае вучылішча ў Віцебску, адначасова падрабляў у мясцовым паветавым вучылішчы як настаўнік рускай мовы і гісторыі.

У пачатку 1877 г. сям’я пераехала ў м. Свіслач Гродзенскай губерніі, дзе ён працаваў у падрыхтоўчым классе Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. Новая пасада давала адносную матэрыяльную забяспечанасць, і аб жыцці ў Свіслачы ў аўтабіяграфіі Нікіфароўскі ўспамінаў з цёплым пачуццём. Але ў Свіслачы цяжка захварэла жонка, і ён вымушаны быў ў жніўні 1882 г. вярнуцца ў Віцебск у якасці выкладчыка падрыхтоўчага класа мужчынскай гімназіі, дзе і працаваў да канца 90-х гадоў. У 1900 г. ужо немаладога Нікіфароўскага перавялі настаўнікам падрыхтоўчага класа ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, аднак улетку 1902 г. ён зноў вярнуўся у Віцебск на сваё папярэдняе месца.

За ўвесь гэты працяглы час М.Я. Нікіфароўскі не падымаўся вышэй настаўніка падрыхтоўчага класа гімназіі ці настаўніцкай семінарыі. Жыццё і лёс не шкадавалі для яго штуршкоў, аднак ён не любіў асабліва скардзіцца і пераносіў усё з пачуццём уласнай годнасці. Аднак, застаючыся ўсё жыццё сціплым настаўнікам, М.Я. Нікіфароўскі шмат зрабіў для свайго народа. Асаблівая ж заслуга М.Я. Нікіфароўскага як вучонага ў галіне фалькларыстыкі і этнаграфіі. Амаль за 20-гадовы перыяд самастойнай працы ён выдаў і падрыхтаваў да выдання каля 20 прац па фальклору, этнаграфіі і гісторыі Віцебскага краю.

Памёр Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі 28 мая 1910 г. у Віцебску на 66-м годзе жыцця. Пахаваны на Узвіжанскіх могілках.

Стужка часу "Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі – захавальнік Віцебскай даўніны"

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.